Close

01.10.15

Кніжны верасень

Багаты на святы верасень пачаўся з Дня пісьменства ў г. Шчучыне, у якім традыцыйна прымае актыўны ўдзел выдавецтва «Мастацкая літаратура». Пісьменнікі Алесь Бадак, Віктар Шніп і іншыя парадавалі сваімі выступленнямі землякоў знакамітай паэткі Цёткі. У рамках свята быў прадстаўлены зборнік маладых аўтараў «Мой дзень пачынаецца».

Вельмі яркай падзеяй першага месяца восені таксама стала святкаванне Дня горада Мінска. Выдавецтва разам з ААТ «Белкніга» далучылася да ўрачыстасцей. Цягам двух дзён у «Горадзе майстроў» праходзілі аўтограф-сесіі аўтараў новых кніг. Запамінальнымі гэтыя дні сталі і для пісьменнікаў Віктара Шніпа, Людмілы Рублеўскай, Анатоля Зэкава, Міхася Пазнякова, аўтара-складальніка Зосі Куставай і для тых, хто набыў кнігі.

Скончылася лета. Пачаліся «Восеньскія чытанні» ва ўстановах адукацыі і культуры. У дзіцячай бібліятэцы № 2 адбылася сустрэча з паэтам Анатолем Зэкавым, знаёмства з яго кнігамі «Безбілетны зай», «Не казкі пра Сашку», «Вінегрэт пад фуршэт» і аўтарам-складальнікам зборніка «Зярнятка» Зосяй Куставай. У гэтай жа бібліятэцы пісьменнік Серж Мінскевіч прэзентаваў сваю новую кнігу «Вялікія прыгоды Какоса Маракоса». У бібліятэцы №19 зладжана сустрэча васьмікласнікаў школы № 97 г. Мінска з аўтарам аповесці «Адзінокі васьмікласнік хоча пазнаёміцца» пісьменнікам Алесем Бадаком. У госці да вучняў школы № 182 г. Мінска завітаў паэт Анатоль Зэкаў. Навучэнцы гімназіі № 24 сустрэліся з дзіцячым пісьменнікам, лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі Беларусі Уладзімірам Ліпскім. Удзельнікі імпрэз атрымалі сувеніры ад выдавецтва «Мастацкая літаратура».