Close

09.09.15

Лета з добрай кнігай – 2015

На працягу лета выдавецтвам «Мастацкая літаратура» было арганізавана і праведзена каля сарака прэзентацый, конкурсаў і віктарын, творчых сустрэч з пісьменнікамі ў бібліятэках і кнігарнях краіны. У чэрвені ў кнігарні «Книгополис» прайшло дзіцячае свята «Ура! Вакацыі!», дзе на працягу дня адбываліся выступленні беларускіх пісьменнікаў, танцавальных і харавых дзіцячых калектываў, а таксама сольных выканаўцаў. Праводзіліся віктарыны і конкурсы. З асаблівай цікавасцю чытачы слухалі дзіцячых пісьменнікаў: лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі Васіля Зуёнка і лаўрэата Літаратурнай прэміі імя Янкі Маўра Уладзіміра Мацвеенку, аўтара-складальніка кніг для дзяцей Зосю Куставу. Усе ўдзельнікі імпрэзы атрымалі падарункі ад ААТ «Белкніга», выдавецтва «Мастацкая літаратура» і іншых спонсараў свята.

У кнігарні «Светач» прайшоў «Літаратурны марафон» з удзелам беларускіх пісьменнікаў. Выступоўцы – аўтары новых кніг выдавецтва «Мастацкая літаратура» – Ніна Галіноўская, Віктар Шніп, Дзмітрый Пятровіч, Анатоль Верабей, Зося Кустава і інш. У марафоне браў удзел сямейна-эстрадны ансамбль «Без секунднай стрэлкі» (кіраўнік Алена Церашкова, шматдзетная маці, аўтар кніг для дзяцей). У рамках свята прайшла акцыя выдавецтва «Мастацкая літаратура» – «Кніга ў падарунак кожнаму пакупніку». Падчас імпрэзаў адбыліся аўтограф-сесіі. Уладальнікі аўтографаў атрымалі спецыяльныя падарункі ад ААТ «Белкніга», выдавецтва «Мастацкая літаратура». Своеасаблівы «экзамен» на веданне твораў класікаў беларускай літаратуры здавалі ўсе прысутныя ў час правядзення літаратурнай віктарыны.

У школьныя летнікі завітала «Літаратурная гасцёўня». На працягу ўсіх вакацый кожны панядзелак у дзіцячай бібліятэцы № 4 пісьменнікі і супрацоўнікі выдавецтва праводзілі «заняткі» па кнігах, выпушчаных у выдавецтве «Мастацкая літаратура». З пісьменнікамі Анатолем Зэкавым, Уладзімірам Мацвеенкам, Уладзімірам Мазго, Валерыяй Саротнік, аўтарам-складальнікам Зосяй Куставай сустрэліся навучэнцы сталічных школ №№ 1, 11, 30, 64, 90, 168, 183, гімназій №№ 5, 35, 56 і інш. У чэрвені прайшла сустрэча выхаванцаў школы-садка № 482 г. Мінска з лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі Беларусі, пісьменнікам Васілём Зуёнкам.

Падчас мерапрыемстваў ва ўстановах адукацыі і культуры праводзілася анкетаванне сярод школьнікаў. На прэзентацыях праходзіла акцыя «Любімыя кнігі твайго дзяцінства».

У жніўні ў Доме культуры в. Пугачы Валожынскага раёна адбылася сустрэча з пісьменнікамі Віктарам Шніпам і Людмілай Рублеўскай. У Лунінецкай гарадской бібліятэцы прайшла сустрэча з рэдактарам выдавецтва, пісьменніцай Аксанай Спрынчан.

У раённых бібліятэках і дашкольных установах рэспублікі (Стоўбцы, Дзяржынск, Нясвіж, Клецк) была арганізавана перасоўная выстава-продаж «Сямейная чытанка».

У кнігарні «Кнігі і кніжачкі» праведзена аўтограф-сесія з удзелам пісьменнікаў Навума Гальпяровіча, Анатоля Бутэвіча, Васіля Жуковіча, Уладзіміра Мацвеенкі і аўтара-складальніка Зосі Куставай.