Close

14.12.17

Аб роднай прыродзе песню спяваем

«Мастацкая літаратура» падарыла чытачу зборнік мастацкіх твораў.

Кніга так і называецца — «Аб роднай прыродзе». Дзясяткі аўтараў выказваюць сваё замілаванне беларускімі краявідамі ў вершах і прозе. Адкрывае зборнік, які можна смела браць у якасці дапаможніка і на ўрокі геаграфіі, на ўсе прыродазнаўчыя дысцыпліны, верш Уладзіміра Караткевіча «Беларуская песня». «Дзе мой край? Там, дзе вечную песню пяе Белавежа, / Там, дзе Нёман на захадзе помніць варожую кроў, / Дзе на ўзвышшах Наваградскіх дрэмлюць суровыя вежы / І вішнёвыя хаты глядзяцца ў шырокі Дняпро…» І яшчэ з Караткевіча: «Ты — наш край. Ты — чырвоная груша над дзедаўскім домам, / Лістападаўскіх знічак густых фасфарычная раць, / Ты — наш сцяг, што нікому, нікому на свеце, нікому / Не дамо абсмяяць, апаганіць, забыць ці мячом зваяваць…»

У кнізе прадстаўлены як творы класікаў, пісьменнікаў ранейшых пакаленняў, так і вершы, і проза нашых сучаснікаў: Андрэя Федарэнкі, Віктара Карамазава, Віктара Шніпа, Навума Гальпяровіча, Васіля Зуёнка, Алеся Бадака, Раісы Баравіковай, Валерыя Гапеева, Людмілы Рублеўскай, Алеся Наварыча, Анатоля Бутэвіча, Алеся Жука, Георгія Марчука. Зборнік падзелены на раздзелы адпаведна порам года — «Вясна», «Лета», «Восень», «Зіма». Шкада, што кніга, выдадзеная, дарэчы, тыражом 1500 экзэмпляраў, — без ілюстрацыйнага матэрыялу. Хоць ад гэтага яе мастацкі ўзровень ніколькі не ніжэйшы. Можна смела раіць выданне і школьнікам, якія збіраюцца дэкламаваць найлепшыя творы беларускай літаратуры на конкурсах, у праекце «Жывая класіка», выкарыстоўваць як аргументы любові да роднай старонкі ў сачыненнях і іншых пісьмовых работах. Зборнік «Аб роднай прыродзе», укладзены вядомым паэтам Віктарам Шніпам, — уражальны напамін, што тэма прыроды з’яўляецца зараз, была раней ці не галоўнай мастацкай магістраллю беларускай літаратуры.

Сяргей Шычко

«Звязда», 02.11.2017