Close

27.05.16

Алег Аблажэй. Красамоўнае сэрца.

Услед за стралой.
Алег Аблажэй. Красамоўнае сэрца. — Мн.: Мастацкая літаратура, 2015.

Кнігу Алега Аблажэя, у якой распавядаецца гісторыя кахання мелага рыцара Артакса і чароўнай прынцэсы Камілены, можна назваць адным з найпрыгажэйшых выданняў, што пабачылі свет летась. І сапраўды, чытаючы казку, міжволі «застываеш», супыняешся, разглядаючы ілюстрацыі (Алег Аблажэй тут выступіў і ў ролі мастака). Вытанчаныя сукенкі дам, бліскучыя металёвыя даспехі рыцараў, букеты кветак неверагоднай прыгажосці, вежа, што ўздымаецца амаль да зор…
Але і сам расповед, выкананы па класічных казачных канонах, таксама атрымаўся адметны і яркі. Магчыма, прычына ў тым, што айчынныя пісьменнікі, чые творы адрасаваныя дзецям, ужо даўно не звярталіся да жанру класічнай казкі. Такой, якую маглі б прачытаць (і зразумець яе сэнс!) і беларускія, і бразільскія, і нават паўднёваафрыканскія дзеткі, паводле якой студыя Уолта Дыснэя магла б зняць прыгожы, захапляльны і яскравы мультфільм. Такі, дзе дзейнічаюць прынцэсы і прынцы, каралі і каралевы, у небе лётаюць арлы, а ў рацэ плаваюць вялікія рыбіны, дзе страла, пушчаная прынцам у вышыню, можа прадказаць яго лёс.
Пра што можна паразважаць, прычытаўшы «Красамоўнае сэрца»? Ды пра што заўгодна!
Чаму нельга быць такімі жорсткімі, як бацькі і браты Артакса, чаму важна праяўляць міласэрнасць і спагаду… Чаму шкодна засяроджвацца толькі на працы ці, наадварот, адно захапляцца мастацтвам і забывацца на «хлеб штодзённы»… Як знайсці гармонію з сабой і ўнутраным светам і ў той жа час не пакрыўдзіць блізкіх… Дарэчы, нельга сцвярджаць, што адказ на гэтыя пытанні павінен быць адназначным. Кожная з версій, нават самая неверагодная і вар’яцкая, мае права на існаванне: героі шчаслівыя і гарманічныя ў сваёй абмежаванасці. Чаму яны павінны нешта змяняць у сваім стаўленні да жыцця?

Марына Весялуха
«Літаратура і маcтацтва», № 15 (4866) 15 красавіка 2016 г.