Close

30.05.16

Алесь Дзятлаў. Памылка старога глушца.

Звіняць струны сэрца…
Алесь Дзятлаў. Памылка старога глушца. Мн.: Мастацкая літаратура, 2014

Алесь Дзятлаў больш за дваццаць гадоў працаваў у часопісе «Родная прырода». Таму і апавяданні, лірычныя мініяцюры яго кнігі «Памылка старога глушца» ніяк нельга назваць штучнымі, надуманымі, клішыраванымі. Замілаванне роднымі краявідамі, своеасаблівае «адраджэнскае» ды біблейскае ўспрыманне прыроды як найвялікшага цуду адчуваецца ў малой прозе пісьменніка…
Цудоўна ведаючы палітру і ноты беларускай прыроды, Алесь Дзятлаў стварае карціны зрокавыя і гукавыя. Нездарма свае мініяцюры аўтар называе эцюдамі. Удала карыстаецца ён магчымасцямі гукапісу, малюючы, да прыкладу, раптоўны руды сполах на снезе — бег імклівай лісіцы: «І раптам на белай роўнядзі каля бярэзніку мільганула нешта вогненна-рудаватае, нібы вырваўся аднекуль кволенькі касмылёк полымя». Цікавыя, дасціпныя ў пісьменніка і параўнанні: чырванагрудыя гілі важна пазіраюць, як «дзяды на покуці», рагамі аленяў падаюцца чорныя сукі-куксы…
Мудрая павучальнасць пры гэткай квяцістасці стылю — яшчэ адна цікавая рыса творчай манеры Алеся Дзятлава. Многаму можна навучыцца ў прыроды, звяроў, птушак — галоўная ідэя твораў кнігі «Памылка старога глушца». Чаму менавіта? Ды хаця б нястрымнай жыццярадаснасці («верабей хутка забывае крыўды, шчыра радуецца кожнай удачы, не перажывае ў горы»), ці самаахвярнай салідарнасці («сарока ў лесе папярэдзіць лясных насельнікаў пра чужака, дзяцел не адгоніць лясных птахаў ад пня, з якога моцнай дзюбай дастае розных лічынак, чужая зайчыха пакорміць любое маленькае зайчанё, што трапілася ёй на вочы»). А яшчэ пры ўяўнай прастаце і відавочнасці сэнсу творы Алеся Дзятлава філасафічныя, глыбокія.

Юлія Алейчанка
“Полымя”, №11, 2015 г.