Close

07.05.16

Повязь

Повязь: апавяданні, навелы
Уклад. І. В. Саверчанка, Г. В. Марчук Мн.: Мастацкая літаратура, 2015

Кніга апавяданняў і навел, што нядаўна пабачыла свет у «Мастацкай літаратуры», мае сімвалічную назву — «Повязь». Пэўна таму, што з’яўляецца мастком паміж рознымі пакаленнямі творцаў, рознымі мастацкімі традыцыямі і сістэмамі светапогляду. «Важнейшай адзнакай апавядання як жанру з’яўляецца яго самадастатковасць і самакаштоўнасць. Добрае апавяданне разгортваецца дзеля самога апавядання, а не дзеля таго, каб уплываць, як лічылася ў даўнія часы, на рэчаіснасць альбо выхоўваць так званага новага чалавека. Сэнс падзеі раскрываецца не сам па сабе, а ў інтэрпрэтацыі ўдзельніка гэтай падзеі, яе відавочцы, сведкі», — пісаў некалі Міхась Тычына. Апавяданні кнігі «Повязь» менавіта такія — яркія, адметныя, самакаштоўныя. Няма твораў невыразных, як кажуць, «прахадных». Яны могуць выклікаць у чытача абурэнне ці захапленне, але за кожным адчуваецца аўтар са своеасаблівай творчай манерай, уласным голасам. А «галасы» гэтыя даволі розныя… У выданні прадстаўлены творы вельмі непадобных адзін да аднаго аўтараў: Георгія Марчука, Марыі Рудовіч, Паўла Саковіча, Міхася Слівы, Сяргея Трахімёнка, Дзмітрыя Пятровіча, Алега Ждана, Таццяны Сівец, Юліі Зарэцкай, Жанны Мілановіч і інш.
У кнізе «Повязь» прадстаўлены апавяданні і навелы зусім рознай зместавай палітры: дакументальныя, сацыяльныя, прыгодніцкія, гістарычныя, дэтэктыўныя, пейзажныя, лірычныя, філасофскія, трагічныя, сатырычныя, гумарыстычныя, містычныя, алегарычныя, фантастычныя, міфалагічныя, побытавыя. Таму, пэўна, кожны чытач зможа знайсці для сябе нешта блізкае, пазнаёміцца з нечаканымі творамі ад вядомых ці новых для сябе пісьменнікаў.

Юлія Алейчанка
“Полымя”, №1, 2016