Close

13.12.17

Неўміручая класіка

Змітрок Бядуля. Бліночак з неба. Уклад. А. Спрынчан Мн., Мастацкая літаратура, 2016.

Казкі Андэрсена, Перо, братоў Грым… Неўміручая класіка дзіцячай (і не зусім дзіцячай) літаратуры. Адпаведныя кнігі знойдуцца ў шафах многіх сем’яў, перадаюцца з пакалення ў пакалення. Але і перавыдаюцца часта, бо попыт ёсць. І хто пасля гэтага скажа, што класіка не актуальная? Але разам з класікай сусветнай добра збіраць у сямейную бібліятэку і класіку айчынную. Багата цікавага, арыгінальнага і, часам, недаравальна забытага напісана ў нас для дзяцей. Крыўдна, што многія не ведаюць цудоў ныя казкі Змітрака Бядулі. Каларытныя, з выдатна распрацаваным сюжэтам, якія ў многім апераджалі стан развіцця беларускай літаратуры першай трэці мінулага стагоддзя! Прыгожае выданне «Бліночак з неба» прадстаўляе розныя казкі Самуіла Плаўніка: празаічныя, вершаваныя, з традыцыйным сюжэтам і наватарскія, сімвалічныя… Казка, што дала назву зборніку, павучальная, філасофская. Але напісаная мовай, даступнай для дзяцей, простай. А колькі мудрасці за той прастатой: «… калі плача каралеўская дачка, дык гэта не жарты. Кожная слёзка яе можа затапіць, загубіць сотні людзей»! Нельга жадаць шчасця толькі сабе — сонца свеціць усім! Тэма Арфэя з народа, самотнага пастушка — таксама добра зразумелая і любімая многімі. Прытым у казцы «Музыка» яскрава праяўляецца талент Бядулі-імпрэсіяніста, выдатнага майстра пейзажу: «З-пад аксамітнай і пурпуровай хмаркі ўзышло яно гарачае і бліскучае. Узышло ды ўсміхнулася. Усміхнулася ды яшчэ вышэй паднялося і абсыпала сваімі праменнямі зялёны ўзгорак, дзе стаяў пастушок. Пастушок выглядаў не то сярэбраным, не то залатым. Праменні красавалі, як агнёвыя васількі, на яго галаве. Праменні пырскалі яму ў твар дыяментавымі снапамі. Праменні сыпаліся бліскучымі іскрамі, каляровым макам з яго вачэй. Здавалася, што ў пастушковых вачах драбнюткія хохлікі крэсяць агонь бесперастанку». З гумарам, захапляльна піша Змітрок Бядуля і пра беларускага Мурамца, Івана-прасцячка, і пра Саўку-шукальніка скарбаў… Добра запамінаюцца вобразныя радкі вершаванай «Мурашкі Палашкі»… Асобна трэба казаць пра фантастычную аповесць-казку «Сярэбраная табакерка». Без аніякага перабольшан ня менавіта яе можна назваць адным з вяршынных твораў усёй творчай спадчыны Змітрака Бядулі. З фантастычным, сімвалісцкім сюжэтам, глыбокай распрацоўкай адвечных пытанняў жыцця і смерці, дабра і зла, жывымі і пазнавальнымі партрэтамі галоўных герояў, яна ў многім пераўзыходзіць нават біяграфічную аповесць пісьменніка «У дрымучых лясах». Маштабнасцю падзей, народным каларытам «Сярэбраная табакерка» нагадвае «Шляхціца Завальню» Яна Баршчэўскага… Мастацкі свет яе развіваецца па сваіх законах, заселены напаўрэальнымі, напаўказачнымі персанажамі, існуе ў некалькіх вымярэннях адначасова. Прашчур сям’і, Дзіда-дзед, здольны схаваць смерць у табакерцы. Зайцы (як сямейная мянушка ці амаль што татэмныя звяры роду) жывуць як людзі: гатуюць ежу, апранаюцца, нюхаюць тытунь… А колькі зноў-такі падтэкставых сэнсаў прыхавана ў казачнай плыні аповеду: «…пaкoлькi цяпep людзi бyдyць вeчнa жыць, зaблытaны ўвecь кoдэкc зaкoнaў i выпaў зyciм пyнкт aб кapы cмepцю. Кpымiнaльныx i iншыx злaўчынцaў бyдзe мeнш, дык юpыcтaм зacтaнeццa aднa тoлькi пpaцa — пacвiць кaмapoў нa бaлoцe»! Аповесць «Сярэбраная табакерка» па-рознаму ўспрымаецца дзецьмі і дарослымі. Першыя будуць захоплены пакручастым сюжэтам, знойдуць сяброў сярод маляўнічай галерэі персанажаў, дарослыя ж здзівяцца глыбінёй думкі і сур’ёзнасцю тэм, што так арганічна ўпісаныя ў казачныя калізіі… Верыцца, што кніга «Бліночак з неба» будзе таксама зачытана «да дзірак», як і тамы сусветнай дзіцячай класікі. Дарэчы, чым Бядуля — не сусветная класіка? Магчыма, яго кніга казак распачне традыцыю чытання беларускіх казак і ў вашай сям’і?

Юлія Алейчанка

«Полымя», №6, 2017