Архіў навін выдавецтва

26 кастрычніка ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа адбылася прэзентацыя кнігі «Якуб Колас», якая выйшла ў выдавецтве «Мастацкая літаратура» і папоўніла серыю «Жыццё знакамітых людзей Беларусі».

Кніга, якую ўклала вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі, доктар філалагічных навук, дацэнт Наталля Якавенка, уяўляе сабой літаратурную мазаіку, складзеную з фрагментаў успамінаў самога пісьменніка, яго сям’і, сяброў і паплечнікаў, а таксама з дакументаў, артыкулаў і шматлікіх фатаграфій, якія дапамагаюць паказаць біяграфію Якуба Коласа ў храналагічным парадку і глыбей зразумець яго асобу.

 

 

У прэзентацыі кнігі «Якуб Колас» прынялі ўдзел вядомыя беларускія вучоныя, сваякі Якуба Коласа, прадстаўнікі выдавецтва «Мастацкая літаратура». Упрыгожылі вечарыну песні на словы Якуба Коласа ў выкананні жаночага вакальнага ансамбля музычнай капэлы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі.