Сярод паэтаў кастрычніцкага нумара – Аляксандра Жалязнова, Кацярына Мізерыя, Іна Мароз, Лера Гілеўская і Віктар Ярац. Упершыню ў “Маладосці” ўласныя празаічныя творы прадставяць Ксенія Кузняцова і Ганна Гараніна. Таксама ў нумары – апавяданні Івана Мелава і Івана Пяшко, працяг рамана Зінаіды Дудзюк “Кошт волі” (пачатак у №№ 8, 9). Гістарычны прыгодніцкі раман апавядае пра барацьбу за незалежнасць прыбалтыйскіх славян Заходняй Еўропы супраць германскай экспансіі, пра пошукі ўласнага шляху, пра перамогі і паразы, пра здабыванне волі. Падзеі адбываюцца ў першай палове ХІ стагоддзя. Для напісання твора выкарыстаны сярэдневяковыя хронікі, прататыпамі персанажаў сталі гістарычныя постаці: славянскі князь Годслаў, герцаг Бернхард, архіепіскап Адальберт, конунгі Свен, Магнус і іншыя.
У рубрыках “Плюс вайб” і “(Аб)Меркаванне” – актуальныя пытанні, на якія можна адгукнуцца для працягу дыскусіі на старонках часопіса: артыкул Ксеніі Зарэцкай “Чаму трэба быць масікам, але не быць з масікам?” і калятэатральныя развагі Наталлі Бахановіч “Чарнуха ў мастацтве”.