Проза лістападаўскага нумара прадстаўлена «Вясковымі легендамі» Алеся Бычкоўскага, фантастычнымі апавяданнямі Сяргея Белаяра ды абразкамі Івана Мелава. А паэзія — вершамі Віктара Гардзея, верлібрамі Таццяны Каленік і вершаказамі Валерыі Галаўко.
Юбіляр нумара — «паэт болю, любові і святла» Яўгенія Янішчыц, якой ужо трыццаць пяць гадоў няма з намі. Разгледзім дарчыя надпісы на яе кнігах, яны даюць магчымасць вызначыць кола людзей, з якімі паэтка ліставалася і сябравала. А таксама прадставім радаводы Яўгеніі Янішчыц па лініі бацькі і маці. Згодна тлумачальнай запісцы, першакрыніцай для складання радаводаў паслужылі царкоўныя кнігі споведзяў, цяпер гэтыя дакументы захоўваюцца ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі. Абодва матэрыялы падрыхтавала Тамара Аўсяннікава.
А з рубрыкі «Літаратурнае пабрацімства» можна даведацца пра новыя падзеі ў беларуска-сербскіх стасунках і атрымаць асалоду ад паэтычных перакладаў з сербскай мовы Івана Чароты.