Проза лістападаўскага нумара прадстаўлена апавяданнямі Таццяны Цвірко, Алеся Вешторта, а таксама працягам рамана Зінаіды Дудзюк «Кошт волі». Сярод паэтаў нумара – Паліна Корнева, Яўген Хвалькоў, Васіль Барысюк, Навум Гальпяровіч. Упершыню ў «Маладосці» са сваімі паэтычнымі творамі выступяць Ірына Радзіхоўская, Дар’я Палішчук і Капа Падвіцкая.
У рубрыцы «Асоба» – «паэт болю, любові і святла» Яўгенія Янішчыц. Згадкамі пра яе дзеляцца Валеры Дубоўскі і Тамара Аўсяннікава.
Эксклюзіў нумара – літаратурныя знаходкі даследчыка Міколы Труса. У артыкуле «Прыяцельскае пачуццё…»: Аляксандра Рамановіч (Зотава) і Якуб Колас» – гісторыя чалавечых стасункаў, адлюстраваная ў асобных публікацыях, а таксама сабраная ў архіўных і музейных калекцыях. Змястоўныя лісты ды інскрыпты адкрываюць эпісталярную спадчыну, шэраг дарчых надпісаў у апошнім, найбольш поўным Зборы твораў Якуба Коласа.
У рубрыцы «Інтэрв’ю» – размова з YUKA, музыканткай, чые ролікі ў сацыяльных сетках набіраюць сотні тысяч праглядаў, а песні слухаюць больш за дзесяць тысяч людзей з усяго свету кожны месяц. Дзяўчына, якая ўсё робіць сама і прыцягвае ўвагу дзясяткаў тысяч людзей, распавяла, з чаго пачаўся яе шлях у музыку, як кар’еру ледзь не загубілі каверы і чаму пісаць пра сябе складаней за ўсё.