Сярод паэтаў снежаньскага нумара – Андрэй Кімбар, Казімір Камейша і Змітрок Марозаў. Упершыню ў «Маладосці» свае творы прадставяць аўтары-пачаткоўцы Таццяна Дзеніскавец і Аляксей Забалоцкі.
Проза нумара жанрава разнастайная, прыгодніцкая, крыху казачная – цалкам перадсвяточная. «Цёплыя» апавяданні Вікторыі Сінюк пра жаночыя лёсы, стрэчы і расстанні, смех праз слёзы, абавязкова падораць надзею на лепшае заўтра, як цягнік з яе твора – вывезуць з цемры на святло, з нудотнай восені ў светлую зіму, дзе ўсё па-новаму, чыстае…
Галіна Пярун у сваёй казцы для дарослых «Навагоднія прыгоды бадзяжнага ката Васіля» падзеліцца гісторыяй адной сямейнай пары. Але ж пад Новы год мары павінны здзяйсняцца, дабро перамагчы зло, людзі – зразумець свае памылкі ды выправіцца, а ўсе здрадлівыя мужы вярнуцца дахаты... Што, у прынцыпе, і адбываецца.
Прыгодніцкае апавяданне Віктара Варанца «Лецішча» - пра неверагоднае здарэнне, якое адбылося са звычайнымі людзьмі – вясёлай маладой сямейнай парай – у звычайных абставінах, аздобленае сучаснымі рэаліямі і артэфактамі.
У рубрыцы «Мастацтва» да 100-годдзя беларускага кінематографа – развагі Ясеніі Аляксеевай «Смерць савецкай камедыі, ці Чаму пара пакінуць у спакоі «Белыя росы». А па выніках наведвання ХХХ Мінскага міжнароднага кінафестывалю «Лістапад» - «Дзённік вар’яткі» Ксеніі Зарэцкай.