Сярод празаікаў сакавіцкага нумара – Ксенія Зарэцкая, Андрэй Балкоўскі і Таццяна Дашкевіч. Паэты нумара – Вікторыя Сон, Віктар Шніп, Іван Капыловіч. Упершыню ў «Маладосці» свае творы прадставіць паэтка Дзіна Рамадзіна.
У 2025 годзе спаўняецца 95 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча. Прапануем чытачам яго няскончаны твор «Здарэнне з класікай» з аўтарскім жанравым вызначэннем «Апавяданне-даследаванне аб жаху». Друкуецца ўпершыню паводле рукапісу, які захоўваецца ў аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі (ф. 11, воп. 2, адз. зах. 206). Апавяданне шмат у чым мае аўтабіяграфічную аснову.
У рубрыцы «Інтэрв’ю» – гутарка з народным мастаком Беларусі Іванам Міско. Космас – яго любімая тэма, ён аўтар партрэтаў многіх касманаўтаў, ад Юрыя Гагарына і Пятра Клімука да Алега Навіцкага і Марыны Васілеўскай. У яго майстэрні перабывалі касманаўты з усяго свету, пра што сведчаць іх аўтографы на люстэрку, на сцяне, на дзвярах, ператвораных у мемарыяльную дошку. Але тут бывалі і бываюць яшчэ і вядомыя кампазітары, артысты, пісьменнікі, спевакі, а таксама навукоўцы, дыпламаты, грамадскія дзеячы. Таму размова атрымалася цікавай, насычанай, напоўненай унікальнымі фактамі.