Сярод празаікаў красавіцкага нумара – Цімафей Савянок, Лера Гілеўская, Маргарыта Латышкевіч і Навум Гальпяровіч. Паэты нумара – Жанна Міус, Пятро Жаўняровіч, Віктар Ярац. Упершыню ў «Маладосці» ўласныя творы прадставяць паэтка Вераніка Лайкова і празаік Ганна Багушэвіч. А ў рубрыцы “Старонка родная” паспрабуць свае сілы нашы дэбютанты Анастасія Мельнік і Вікторыя Кляўко.
Раім звярнуць увагу на матэрыялы круглага стала “Тэатр мінулага, сучаснасці і будучыні”. Думаць пра будучыню і марыць пра яе — гэта думкі аднаго парадку? Ці ёсць наогул сэнс у бясплотных разважаннях? І ці могуць яны дапамагчы справіцца са страхам нявызначанасці? Як жыць без будучыні, не разабраўшыся ў сучаснасці і не адрэфлексіраваўшы мінулае? Аўтары падкаста «Кантравыя» Мікалай Касцюкоў і Ксенія Зарэцкая запрасілі на размову актрысу Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек Ганну Гаспадарык, рэжысёра Беларускага дзяржаўнага маладзёжнага тэатра Кірыла Балтрукова і псіхолага, прэс-сакратара Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі Жанну Гурыну. У абмеркаванні таксама ўдзельнічалі гледачы.