Проза ліпеньскага нумара прадстаўлена разнастайнымі творамі, адрознымі паміж сабою тэматычна і жанрава, падрыхтаванымі аўтарамі рознага ўзросту і творчага досведу. Адкрывае нумар купальскае паданне маладога празаіка Юліі Макарэвіч, дзе ёсць месца фантастыцы і рэалізму, каханню і цудам. Сага юнацтва Навума Гальпяровіча “Дзе хлопчык той?..” з’яўляецца своеасаблівым працягам ранейшых яго твораў «Горад» і «Чырвоны мост». У ёй — аповед пра полацкую маладосць, родны горад, першае сяброўства і каханне, гэта рэпартаж пра свет веры і натхнення, радасці і хвалявання, страт і знаходак, расчаравання і надзей…
Ксенія Зарэцкая ва ўласным антыаўтабіяграфічным эсэ “Год” шчыра і шчодра дзеліцца ўражаннямі свайго першага года адпрацоўкі па размеркаванні. І тут, думаецца, кожны малады спецыяліст шмат у чым пазнае сябе. А эсэ “Пяшчота” Людмілы Лазуты, медыка па адукацыі, паглыбіць у эмацыйна складаны, але шчаслівы чаканнем свет цяжарнай жанчыны.
Сярод паэтаў нумара – Хведар Гурыновіч і Вольга Русілка. З літаратурным дэбютам віншуем паэтку Марыю Наумчык!
Ліпеньскі нумар пазнаёміць з лепшымі творамі дыпламантаў літаратурнага конкурсу, які аб’явіла Мінскае гарадское аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі, прысвечанага 80-годдзю вызвалення г. Мінска і Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Удзел у конкурсе прымала моладзь ад 12 да 30 гадоў. Разглядаліся творы шырокай тэматыкі, прысвечаныя як гераічнаму мінуламу, так і сённяшняму дню.
У рубрыцы “Пераклады” – апавяданні Гарацыя Кірога ў перастварэнні студэнтаў Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта.