Проза ліпеньскага нумара прадстаўлена апавяданнямі Ягора Жукоўскага і Юліі Макарэвіч, паэзія – вершамі Мацвея Лішына і Аляксандры Кулаковай. Упершыню ў “Маладосці” – празаічныя спробы Паліны Бунас і вершаваная нізка Марыі
Стаўрас. Літаратурны дэбют таксама адбыўся ў пераможцаў Рэспубліканскага творчага конкурсу студэнтаў і школьнікаў «БрамаМар».
У рубрыцы “Інтэрв’ю” – размова з пісьменніцай рамфанту Кацярынай Насутай. У яе каля сямідзесяці выдадзеных кніг і мноства псеўданімаў: Кацярына Лесіна, Кацярына Варанцова, Ганна Цёрн, Антон Лік, Карына Дзёміна. Падчас гутаркі
яна выкрыла многія міфы пра пісьменнікаў, развеяла арэол таямнічасці вакол канцэпцыі натхнення, дала лайфхакі для барацьбы з негатыўнымі каментарыямі і падзялілася аўтарскім падыходам да стварэння тэкстаў.
“Музейная гасцёўня” гэтым разам прадставіць новыя знаходкі даследчыка і літаратуразнаўцы Міколы Труса. Асобныя лісты з прыватнай перапіскі трох класікаў: Янкі Купалы, Аркадзя Куляшова, Максіма Лужаніна – са згадкамі працоўных момантаў іх асабістага шафёра Іллі Яртыміка.