Сярод празаікаў жнівеньскага нумара – Алесь Бычкоўскі, Алёна Беланожка, Андрэй Сідарэйка і Філмар Плэйс. Паэты нумара – Анатоль Зэкаў і Генрых Тарасевіч. Упершыню ў “Маладосці” свае творы прадставяць паэткі Наталля Тарабеш і Валянціна Вандзіч, празаік Мацвей Лішын.
У рубрыцы “Мастацтва” – размова з Кацярынай Давыдавай-Вісоцке –заснавальніцай адной з самых вядомых галерэй Беларусі «DK Gallery». Паспрабуем разабрацца: дзе мяжа паміж творчасцю і бізнесам і хто паказвае нам мастацтва?
А вучні Халопеніцкай сярэдняй школы імя М. Багдановіча Крупскага раёна прэзентуюць свой праект «У зачараваным царстве». Яны здзейснілі спробу адаптаваць казкі і паданні, занатаваныя Адамам Багдановічам у Халопенічах, да сучаснай беларускай літаратурнай мовы, з мэтай лягчэйшага іх успрыняцця. З 21 вядомага такога твора сем ужо ўвайшлі ў кнігу «Казкі Рузаліі Асьмак, запісаныя Адамам Багдановічам», выдадзеную ў 2021 годзе, укладальнік Антон Францішак Брыль. Цяпер увазе чытача прапануюцца яшчэ пяць. З іх казка «Пра добрага і злога братоў, святога Міколу і каралеўну-вампіра» запісана ад Ганны Старжынскай, а «Бог узнагароджвае працавітых і карае лянівых» — ад Ганны Фамінічны Багдановіч. Матэрыял падрыхтавала Наталля Кулагіна.