выдавецтва сёння

На сённяшні дзень у «Мастацкай літаратуры» працуе невялікі творчы калектыў, якому пад сілу падрыхтоўка і выданне любой кнігі на высокім літаратурна-мастацкім і паліграфічным узроўні.


«Мастацкая літаратура» трывала і ўпэўнена ўвайшла ў ХХІ стагоддзе. Прэмія «Золата Парыжа» (2006), Гран-пры Міжнароднага конкурсу (2009) за літаратурна-мастацкае выданне Л. Несцерчука «Напалеон Орда. Шлях да Бацькаўшчыны» (мастак В. Паўлавец), шматлікія ўзнагароды на міжнародных і рэспубліканскіх выставах-кірмашах за поспехі, дасягнутыя ў мастацка-тэхнічным афармленні і паліграфічным выкананні, сведчаць аб высокім прафесіяналізме выдавецтва. 

Кнігі новых серый «Жыццё знакамітых людзей Беларусі», «Напісанае застаецца», «100 вершаў», «Бібліятэка выбраных твораў», «Дзіцячы атлас Беларусі» набылі папулярнасць і сталі візітнай карткай нашага прадпрыемства.

 

«Мастацкая літаратура» выдае арыгінальныя творы беларускіх пісьменнікаў, Зборы твораў, выбраныя творы, кнігі па літаратуразнаўстве і крытыцы, лепшыя  творы замежных пісьменнікаў, літаратуру для дзяцей і падлеткаў, літаратурную спадчыну, навукова-папулярную, публіцыстычную і юрыдычную літаратуру, мастацкія і гукавыя электронныя выданні, літаратурна-мастацкія выданні серыі «Школьная бібліятэка», вучэбна-метадычную літаратуру.
У ліпені 2021 года ў штат выдавецтва ўвайшлі рэдакцыі старэйшых літаратурна-мастацкіх часопісаў «Полымя», «Нёман» і «Маладосць». Менавіта на іх старонках упершыню з’яўляюцца многія творы сучасных айчынных пісьменнікаў, якія пасля набываюць кніжнае жыццё. Апроч таго, часопісы – гэта люстэрка літаратурнага працэсу, у іх друкуюцца рэцэнзіі вядомых крытыкаў на новыя кнігі, а таксама аналітычныя артыкулы, што тычацца розных перыядаў развіцця беларускай літаратуры.