У наступных нумарах «Маладосці» будуць апублікаваныя тэксты з запісных кніжак Уладзіміра Караткевіча пад агульнай назвай «АДПРАЦАВАЦЬ І АДВАЯВАЦЬ СВАЁ». Запісныя кніжкі захоўваюцца ў аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Усе запісы друкуюцца ўпершыню. Падрыхтоўка да друку ды каментарыі – Пятра Жаўняровіча.
Чытачам «Маладосці» будуць прадстаўлены тры тэкставыя блокі з запісных кніжак.
У №10/2023 – запісы розных гадоў, часта без датавання. Менавіта сюды трапілі вершы Уладзіміра Караткевіча, якія не ўвайшлі ў першыя два тамы Збору твораў.
У №11/2023 – дзённікавыя запісы, зробленыя ў чэрвені 1970 года падчас турыстычнай паездкі па Чорным моры на цеплаходзе «Победа» (Адэса – Севастопаль – Ялта – Сочы – Сухумі – Новарасійск – Ялта – Адэса).
У №12/2023 – дзённікавыя запісы, зробленыя ў ліпені 1971 года падчас паездкі ў Бешанковіцкі, Чашніцкі і Лепельскі раёны Віцебскай вобласці з экспедыцыяй «Збору помнікаў гісторыі і культуры Беларусі».
Запісныя кніжкі, з аднаго боку, дакумент эпохі з канкрэтнымі фактамі (падзеі, прозвішчы, пасады, найменні розных аб’ектаў і г. д.), а з другога – набліжаныя да мемуарнай прозы самастойныя творы Уладзіміра Караткевіча. Пішучы нібыта для сябе, творца ўяўляе далейшы лёс «свайго дзіцяці», разумее, што падобныя запісы ўсё адно знаходзяць шлях да чытача, і стараецца быць шчырым ва ўсім.