У кастрычніцкім нумары часопіса “Маладосць” празаік Віктар Варанец распавядзе тры дэтэктыўныя гісторыі з жыцця прайдзісвета Анатоля Сідарэвіча – хлопца харызматычнага ды абаяльнага, здольнага на неверагодныя прыдумкі і бездакорную іх раэлізацыю. І ўсё дзеля таго, каб зарабіць грошай.
А празаік Андрэй Сідарэйка ў сваёй сацыяльна-сатырычнай аповесці “Крама-2” настолькі падрабязна вымаляваў тыпажы работнікаў і наведвальнікаў крамы, штодзённыя цяжкасці падчас яе працы, што кожны дакладна знойдзе там сябе, сваёго знаёмага альбо краму, якую часта наведвае. А вось апавяданне Ксеніі Зарэцкай “Мяне там чакаюць” перанясе нас у будучыню – час бяздушных робатаў, якіх канструктары змаглі пазбавіць усіх эмоцыі, акрамя пачуцця кахання…
Сярод паэтаў нумара – Міхал Бараноўскі, Васіль Зуёнак, Іван Капыловіч, Віктар Ярац. Упершыню ў “Маладосці” са сваімі вершамі выступяць Максім Крывіч і Дзіяна Трацяк.
З №10 распачалася публікацыя тэкстаў з запісных кніжак Уладзіміра Караткевіча пад агульнай назвай «Адпрацаваць і адваяваць сваё». Чытач пазнаёміцца з запісамі розных гадоў, а таксама вершамі, якія не ўвайшлі ў першыя два тамы Збору твораў. Матэрыял падрыхтаваў Пятро Жаўняровіч.