Празаікі красавіцкага нумара Ксенія Зарэцкая, Лера Гілеўская і Аляксей Азёмка. Фэнтэзійная аповесць Ксеніі Зарэцкай «Ворагі» прапаноўвае новы погляд на беларускую міфалогію. Станаўленне багіні смерці Мажаны адбываецца ў свеце жывых і мёртвых. Яна шукае спачуванне ў Небе, справядлівасць на зямлі, а каханне — у Наўі.
Лера Гілеўская ў сваім апавяданні дзеліцца вясёлай гісторыяй аб няўдалай спробе знайсці каханне. Яна прапаноўвае чытачам арыгінальнае практыкаванне – выйсці ў горад і кожнаму сустрэчнаму мужчыне прыдумаць камплімент. А лірычны герой апавядання Аляксея Азёмкі – надта сціплы хлопец, і менавіта гэтая рыса характару замінае яму пабудаваць уласнае шчасце.
У паэтаў-пачаткоўцаў Марціна Баля і Ганны Сталяровай адбыўся літаратурны дэбют. Іх імёны гучаць у “Маладосці” ўпершыню.
У матэрыяле Аксаны Спрынчан «Апалогія красы «палескай разумніцы» – развагі пра паэтку, літаратуразнаўцу і выкладчыцу Любу Тарасюк. А ў рубрыцы “Асоба” – развагі Адама Глобуса пра далікатнага жывапісца ракако Вато.