Архіў навін выдавецтва

У Саюз пісьменнікаў Беларусі паступілі звароты ад шэрагу дзяржаўных выдавецкіх устаноў краіны. Выдавецтвы «Мастацкая літаратура», «Беларусь», а таксама РВУ «Выдавецкі дом «Звязда» засведчылі, што без іх дазволу і ўдзелу ў шорт-лісце так званай «прэміі Цёткі» з’явіліся выдадзеныя імі кнігі. У сувязі з гэтым сакратарыят СПБ выступіў з заявай.

 

«На некаторых недзяржаўных інтэрнэт-рэсурсах быў апублікаваны спіс намінантаў на так званую “прэмію Цёткі”, якая не мае ніякага дачынення ні да беларускай дзяржавы, ні да Саюза пісьменнікаў Беларусі, — гаворыцца ў заяве. — Аднак некаторыя члены нашай грамадскай арганізацыі даведаліся, што іх прозвішчы і творы без ведама праваўладальнікаў скарыстаны для рэкламы незаконнага конкурсу». 

 

У Саюзе пісьменнікаў Беларусі звярнулі ўвагу, што на сайце так званай прэміі, які не абнаўляўся апошнія гады, змешчана палажэнне аб прэміі, згодна з якім заснавальнікамі конкурсу з’яўляюцца тры арганізацыі. Усе яны ліквідаваны ў судовым парадку ў 2022 годзе і спынілі сваё існаванне. Такім чынам, адсутнічае ініцыятар конкурсу. А гэта супярэчыць патрабаванням артыкула 927 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь, што прадугледжвае абавязковую наяўнасць асобы, суб’екта права, які аб’яўляе конкурс і бярэ на сябе пэўныя абавязкі. 

 

«Са звестак пра арганізатараў конкурсу на сённяшні дзень — толькі адрас электроннай пошты, на які можна даслаць творы. Склад журы не абвешчаны. Такім чынам, гэта ананімнае мерапрыемства, адказнасць за правядзенне і вынікі якога фактычна ніхто не нясе, — падкрэслілі ў СПБ. — Відавочна, што, ствараючы падобныя правакацыі, апазіцыянеры дамагаюцца толькі аднаго: легалізаваць грашовыя сродкі, якія пералічваюцца заходнімі спонсарамі, бо няма ніякіх сумненняў, што пераможцам прэміі будзе “прызначаны” іх прадстаўнік. Пры гэтым яны выконваюць яшчэ адно заданне заходніх “гаспадароў” — дыскрэдытаваць дзяржаўныя выдавецтвы, іх аўтараў — членаў Саюза пісьменнікаў Беларусі, кнігі якіх намінаваны без узгаднення з імі». 

 

Кіраўніцтва Саюза пісьменнікаў Беларусі звярнулася з заклікам да выдавецтваў любой формы ўласнасці, да рэдакцый друкаваных і электронных СМІ не ўспрымаць сур’ёзна фальшывыя дыпломы пераможцаў падобных конкурсаў. А членаў Саюза пісьменнікаў Беларусі, літаратараў, якія не ўваходзяць у творчую арганізацыю, мастакоў-ілюстратараў і супрацоўнікаў выдавецтваў, чые кнігі і творы скарыстаны для дасягнення несумленных мэт, заклікала заявіць рашучы пратэст у сувязі з падобнымі правакацыямі.