Сярод празаікаў сакавіцкага нумара Аляксандра Кароль, Андрэй Балкоўскі і Маргарыта Латышкевіч. Паэты нумара – Арсеній Грода, Васіль Лайкоў і Антаніна Канаплёва. А таксама маладыя паэты – пераможцы Рэспубліканскага паэтычнага конкурсу імя Міколы Маляўкі. Для некаторых дыпламантаў гэта літаратурны дэбют, іх вершы друкуюцца ўпершыню.
Да 130-годдзя з дня нараджэння народнага пісьменніка БССР Кандрата Крапівы мы пагаварылі з яго ўнучкай — Аленай Атраховіч — кандыдатам мастацтвазнаўства, дацэнтам. Абмеркавалі яе захапленні і планы на будучыню. А таксама пагутарылі пра асабістую рэч дзядулі, якую яна пакуль не гатовая перадаць у архіў.
У рубрыцы “Перакладчыцкі дэбют” – перастварэнні з кітайскай мовы студэнтаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта замежных моў. Чжан Юэжань — сучасная пісьменніца, выкладчыца факультэта літаратуры Кітайскага народнага ўніверсітэта, рэдактар серыі тэматычных кніг «Карп», у якой публікуюцца пераважна творы маладых пісьменнікаў. Запрашаем пазнаёміцца з яе творчасцю.